Багаты неапалітанскі прадпрымальнік дон Даменіка Сарыяна ўжо чвэрць стагоддзя жыве пад адным дахам з Філуменай Мартуранай, сваёй фактычнай жонкай, але так і не бярэцца з ёй шлюбам.
Эдуарда дэ Філіпа.
Драматычная камедыя на 2-е дзеі
па п’есе «Філумена Мартурана».
Вялікая сцэна.
Прэм’ера – 30 верасня 2020 года.
Багаты неапалітанскі прадпрымальнік дон Даменіка Сарыяна ўжо чвэрць стагоддзя жыве пад адным дахам з Філуменай Мартуранай, сваёй фактычнай жонкай, але так і не бярэцца з ёй шлюбам. І здавалася б, у гэтым ужо няма сэнсу, пакуль лавеласу Даменіка не прыходзіць у галаву афіцыйна ажаніцца з маладзенькай Дзіянай. Гэтая навіна – сапраўдны выклік для Філумены, гатовай змагацца за свой статус і правы. Тым больш у яе на руках моцны козыр: Даменіка– бацька аднаго з трох сыноў Філумены. Вось толькі якога менавіта?
Рэжысёр Юрый Пахомаў паставіў на Коласаўскай сцэне гісторыю пра тое, як часта блізкія людзі, якія жывуць разам доўгі час, нічога адно пра аднаго не ведаюць. Нам і сёння не хапае душэўнай цеплыні, мы гатовыя хутчэй адштурхнуць чалавека, чым наблізіць, прытуліць яго да сябе. «Варта цаніць тое, што ў цябе ёсць», – упэўнены Юрый Пахомаў.
Эдуарда дэ Філіпа напісаў п’есу «Філумена Мартурана» ў 1946 годзе. Пастаноўка мела такі поспех, што акцёры былі запрошаны рымскім Папам ПіемXII на прыватную аўдыенцыю. П’еса і сёння ставіцца па ўсім свеце і некалькі разоў была экранізаваная. Здымкі самага вядомага фільма «Шлюб па-італьянску» ажыццявіў Віторыё дэ Сіка, галоўныя ролі сыгралі Сафі Ларэн і Марчэла Мастраяні.
Пастаноўка і музычнае афармленне Юрыя ПАХОМАВА, заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі.
Сцэнаграфія і касцюмы Валянціны ПРАЎДЗІНАЙ.
Пераклад п’есы на беларускую мову Алеся РАЗАНАВА.